Падчас другой сусветнай вайны чацьвярых дзяцей эвакуююць у глыб Англіі. Яны пасяляюцца ў доме старога прафесара. Малодшая з дзяцей, Люсі, падчас гульні ў хованкі знаходзіць у шафе-гардэробе праход у чароўную краіну — Нарнію. Там ужо 100 год зіма, якую начаравала Белая Вядзьмарка. Ці здолеюць дзеці разбіць злыя чары і стаць каралямі і каралевамі Нарні?

Героі нарнійскіх хронік дзеці Певенсі вяртаюцца ў чароўную краіну. Але, калі ў Англіі прайшоў год, то ў Нарніі мінулі стагодзьдзі. Краіна разбураная, гномы й кентаўры схаваліся ў лясах, а па суседзтве пануе падступны кароль Міраз. У Нарніі ёсьць надзея – юны прынц Касьпіян. Ангельскія падлеткі – “старажытныя каралі і каралевы” далучаюцца да Касьпіяна і ўзначальваюць нарнійскую армію… Другая частка нарнійскіх хронік патанае ў попельна-шэрых колерах зла. Аграмадны палац Міраза, цёмныя сутарэньні, начныя сцэны, зьляканы й сьцішаны лес. Хаця кампутарных эфэктаў, у параўнаньні з папярэдняю часткай, няшмат, дэкарацыі й касьцюмы ўражваюць: для арміі тальмарынцаў было выкавана амаль 4 тысячы кальчугаў і масак. Героі-падлеткі зацята ваююць (і забіваюць!), крычыць у пакутах парадзіха, усьміхаецца злы кароль.